Обучение

Консультация
Консультируем с 9:00 до 18:30Выходной: суббота и воскресенье


Сообщение об ошибке

Обучение

Сообщение об ошибке

IT-индустрия: не только для инженеров и программистов

16 сентября 2020

IT-Academy была адкрыта ў 2010 годзе, праз 5 гадоў пасля заснавання Парка высокіх тэхналогій. Штогод яна выпускае звыш 1,5 тысячы спецыялістаў, забяспечваючы каля 10% патрэб ПВТ у новых кадрах. Для слухачоў распрацавана больш як 160 курсаў па 20 ІТ-напрамках.

Пра самыя запатрабаваныя спецыяльнасці, магчымасці для гуманітарыяў і перспектывы ІТ-індустрыі гутарым з намеснікам дырэктара IT-Academy Наталляй ЦЭЛАГУЗ.

—  IT-Academy (брэнд Адукацыйнага цэнтра праграмавання і высокіх тэхналогій) — гэта свайго роду пасрэднік паміж рынкам працы і ІТ-кампаніямі. Скажыце, Наталля, як шмат людзей і якіх спецыяльнасцей не хапае сёння ІТ-бізнесу?

— Нікуды не знік попыт ІТ-індустрыі на традыцыйна папулярныя, гэта значыць базавыя, спецыяльнасці (праграмаванне, тэсціраванне, бізнес-аналіз, UX/UI дызайн). Мы бачым гэта і на сваім прыкладзе: за мінулы год колькасць слухачоў нашага цэнтра, як і працаўладкаваных выпускнікоў, вырасла сумарна на 35—40%.

Сярод распрацоўшчыкаў папулярныя Python, Java, .NET, Javascript. Усё больш запатрабаванымі становяцца Full-stack спецыялісты — тыя, што могуц­ь працаваць з вялікім наборам тэхналогій і трымаюць руку на пульсе новых фрэймворкаў і бібліятэк. Па-ранейшаму ў трэндзе аўтаматызаванае тэсціраванне, DevOps, мабільная распрацоўка.

Калі гаварыць пра спецыяльнасці, якія развіваюцца, то сёння катастрафічна не хапае спецыялістаў з экспертызай у машынным навучанні, data science, business intelligence (BI) і іншых галін па рабоце з данымі. Таксама расце попыт на інжынераў з экспертызай у інтэрнэце рэчаў (IoT — там, дзе мяркуецца вытворчасць разумнага жалеза) і на сістэмных архітэктараў, здольных праектаваць складаныя камерцыйныя сістэмы.

— А што ў перспектыве? Якія ІТ-спецыяльнасці будуць запатрабаваны ў найбліжэйшыя гады?

— Некаторыя спецыяльнасці я ўжо назвала. Паспрабую абагульніць. На мой погляд, у найбліжэйшай перспектыве самымі запатрабаванымі будуць напрамкі, звязаныя са штучным інтэлектам, AR/VR, аналітыкай даных, воблачнымі вылічэннямі, праграмаваннем “жалеза” і беспілотнымі тэхналогіямі, кібер- і інфабяспекай. Патрэба ў спецыялістах у галіне мабільных дадаткаў таксама не будзе падаць.

— Зразумела, што найбольш жаданыя кадры для ІТ-кампаній — гэта выпускнікі профільных універсітэтаў, з добрай фундаментальнай падрыхтоўкай. А якія перспектывы ў выпускнікоў каледжаў ці людзей без спецыяльнай адукацыі, якія скончылі курсы?

— Я не пагаджуся з такой фармулёўкай пытання. ІТ-кампаніі пры найме спецыялістаў ужо даўно не ставяць у прыярытэт дыплом профільнага ўніверсітэта. Хутчэй глядзяць на стэк ведаў, існуючы вопыт і soft skills. Напрыклад, з нашых выпускнікоў прафесійных курсаў 2019 года кожны другі змог знайсці работу ў ІТ. А гэта людзі ў большасці без профільнай (вышэйшай фізіка-матэматычнай ці інжынернай) адукацыі.

— Англійская мова — абавязковая ўмова для таго, каб увайсці ў ІТ? Які ўзровень валодання мовай лічыцца прымальным?

— Так, гэта ўмова абсалютная, калі вы хочаце працаваць у міжнароднай кампаніі і мець магчымасці для прафесійнага росту. Апошнім часам патрабаванне да ўваходнага ўзроўню англійскай мовы вырасла. У 2020 годзе мы правялі апытанне сярод ІТ-кампаній і ў выніку аналізу ўбачылі, што цяпер неабходны ўзровень для пачынаючых распрацоўшчыкаў, тэсціроўшчыкаў і вэб-дызайнераў — гэта A2+/B1 (Pre-Intermediate/Intermediate), а для junior бізнес-аналітыкаў — B1+/B2 (Upper-intermediate).

— Тры гады назад прадпрымальнік і мільярдэр Марк К’юбан заявіў, што праз 10 гадоў попыт на гуманітарыяў будзе большы, чым на праграмістаў і інжынераў. Аб важнасці гуманітарных ведаў і эмацыянальнага інтэлекту выказваліся таксама заснавальнік і кіраўнік Су­светнага эканамічнага форуму Клаус Шваб і філантроп Біл Гейтс. Час ідзе. Ці сапраўды попыт на гуманітарыяў расце?

— Калі маюцца на ўвазе тыя, хто атрымаў гуманітарную адукацыю, то так, яны захопліваюць і Крэмніевую даліну, і топ-менеджмент ІТ-кампаній (тут прыхо­дзяць на розум артыкулы ў Forbes). Летась, напрыклад, мы вылучылі кірунак “Гуманітарныя дысцыпліны ў ІТ” і ў яго рамках запусцілі выдатныя курсы па тэхнічнай пісьменнасці і кантэнт-маркетынгу ў ІТ, аналагаў якім няма не толькі ў Беларусі.

Пры гэтым спіс пазіцый у ІТ, дзе могуць працавац­ь гуманітарыі (і паспяхова), вялікі. Традыцыйна выпускнікі гуманітарных напрамкаў выбіраюць інтэрнэт-маркетынг, дызайн, HR-менеджмент, продажы і bizdev. Але ёсць дастаткова прыкладаў, калі людзі ўдала мяняюць свой вектар на праграмаванне (як правіла, front-end), тэсціраванне, бізнес-аналіз, кіраванне праектамі (а тут без EQ ніяк!). Той факт, што вы скончылі лінгвістычны ўніверсітэт ці факультэт міжнародных адносін, не азначае, што ваш тып мыслення адназначна гуманітарны.

— Якія галоўныя перавагі спецыялістаў-гуманітарыяў перад тэхнарамі?

— Працягваючы думку, я не стала б гаварыць пра перавагі таго ці іншага складу розуму. І не хочацца разводзіць усіх на полюсы “тэхнар — гуманітарый”. Ёсць людзі, у якіх выдатна спалучаюцца і практычны тып мыслення з любоўю да сістэматызацыі і формул, і ўменне тонка адчуваць свет і генерыраваць крэатыўныя, карысныя ідэі.

Хутчэй хочацца сказаць, што тыя, у каго пераважае гуманітарны і мастацка-вобразны тып мыслення, умеюць або часцей выкарыстоўваюць творчы падыход у працы, іх камунікатыўныя навыкі лепш развітыя. Гэта, вядома, дае ім фору перад людзьмі, у якіх згаданых навыкаў бракуе.

— Наталля, што б вы параілі цяперашнім старшакласнікам, якія мараць працаваць у ІТ-сферы? Акрамя падрыхтоўкі да ЦТ, што яшчэ важна? Якія перспектывы чакаюць гэтых хлопцаў і дзяўчат праз 5—6 гадоў да моманту заканчэння імі ўніверсітэтаў?

— Не страчваць прагі да ведаў, пастаянна гля­дзець вакол і самаадукоўвацца, пракачваць сумежныя навыкі, не канцэнтравацца толькі на адным шляху, а гнутка мяняцца і падладжваць свае інтарэсы і жаданні пад зменлівы свет.

Сказаць цяпер, што будзе праз 5—6 гадоў, немагчыма. Але дапытлівы розум, мабільнасць, уменне задаваць пытанні, крытычнае мысленне і здольнасць знаходзіць агульную мову — усё гэта будзе запатрабавана і праз 5, і праз 50 гадоў. І, вядома, англійская мова!

Материал опубликован на abituryent.ng-press.by, дата публикации: сентябрь 2020.



Полная, частичная перепечатка или любое иное использование материалов с сайта IT-Academy разрешается только с указанием активной гиперссылки, ведущей на первоисточник (точный адрес страницы на www.it-academy.by).